Пра Нацыянальны камітэт
Увесну 1994 года Уладзімір Колас быў абраны старшынёй Беларускага камітэта Каледжаў міжнароднай супольнасці (UWC). Арганізацыйны сход, на якім абралі спадара Коласа, адбыўся па ініцыятыве дырэктара Скарынаўскага цэнтра прафесара Адама Мальдзіса. Ягоны польскі калега, старшыня Польскага камітэта Каледжаў міжнароднай супольнасці прафесар Павел Чартарыйскі прапанаваў яму стварыць аналагічны камітэт у Беларусі.
У склад UWC уваходзілі на той час 8 каледжаў. У кожным каледжы навучалася па 200 чалавек са 100 - 110 краінаў свету. Кожны навучэнец разглядаўся перад усім як прадстаўнік сваёй краіны і павінен быў умець распавесці пра гісторыю і культуру свайго народа, зрабіць так, каб гэтае маладое “чалавецтва ў мініяцюры” зацікавілася яго радзімай. Гэта было асабліва важна для Беларусі, якая толькі пачынала заяўляць пра сябе як самастойную і незалежную дзяржаву. На першым пасяджэнні Беларускага камітэта UWC яго сябры вырашылі, што абсалютную перавагу пры паступленні ў каледжы будуць мець тыя падлеткі, якія, апроч выдатных агульных ведаў, добра валодаюць беларускай мовай і ведаюць гісторыю і культуру Беларусі. З аднаго боку, гэта было неабходнай умовай для годнага прадстаўлення Беларусі ў асяроддзі моладзі з усяго свету. З іншага - такая ўмова ў конкурсе на навучанне ў прэстыжным міжнародным каледжы спрыяла абуджэнню цікавасці беларускай моладзі да сваёй нацыянальнай тоеснасці.
Першай прадстаўніцай Беларусі ў UWC у 1994 годзе была абраная Алена Новік. Першая беларуская “ластаўка” у UWC запомнілася не толькі самымі добрымі водгукамі ад яе выкладчыкаў і кіраўніцтва каледжа ў Адрыятыку, але і тым, што па колькасці балаў, набраных на іспытах, яна ўвайшла ў 5% найлепшых выпускнікоў усіх школ, якія займаюцца па сістэме Міжнароднага бакалаўрэату. На Беларусь і Беларускі камітэт пачалі глядзець з цікаўнасцю, а потым, калі ў каледжы UWC сталі прыязджаць іншыя маладыя беларускія “зоркі”, гэта цікаўнасць перарасла ў павагу.
За час існавання Беларускага камітэта беларусы атрымоўвалі месцы ў семнаццаці з сучасных 18 каледжаў. Зараз мы маем больш за сто выпускнікоў, якія навучаюцца ў лепшых універсітэтах свету і становяцца піяністамі, скрыпачамі, скульптарамі, філосафамі, мастакамі, акторамі, спевакамі, навукоўцамі, дактарамі, архітэктарамі, біснэсоўцамі, настаўнікамі, мэнэджарамі, працаўнікамі ў IT… Выдатная міжнародная адукацыя і ўнікальны міжнародны вопыт, набытыя гэтымі таленавітымі маладымі людзьмі, яшчэ спатрэбяцца Беларусі.